Беларуская Служба

Даследчыца міграцыі: Упарадкаванне міграцыйнай палітыкі — добры зрух, але абмежаванне права на прытулак  — парушэнне міжнароднага заканадаўства

16.10.2024 17:12
Мэтай новай міграцыйнай стратэгіі Польшчы з'яўляецца стварэнне празрыстых і бяспечных правілаў іміграцыі ў краіну. 
Аўдыё
  • Даследчыца міграцыі: Упарадкаванне міграцыйнай палітыкі — добры зрух, але абмежавання права на прытулак  — парушэнне міжнароднага заканадаўства
Ілюстрацыя Фота: shutterstock.com

Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск падчас суботняга кангрэсу Грамадзянскай кааліцыі абвясціў новую міграцыйную стратэгію. 15 кастрычніка ўрад разгледзеў анансаваны Тускам дакумент пад назвай «Вяртанне кантролю. Гарантыя бяспекі. Комплексная і адказная міграцыйная стратэгія Польшчы на ​​2025-2030 гады».

Мэтай новай міграцыйнай стратэгіі Польшчы з'яўляецца стварэнне празрыстых і бяспечных правілаў іміграцыі ў краіну. У дакуменце гаворыцца, што Польшча за вельмі кароткі час змяніла свой статус з краіны эмігрантаў на краіну імігрантаў. Кандыдатка палітычных навук Дамініка Пшчулкоўска-Масьціцкая з Цэнтру даследаванняў міграцыі Варшаўскага ўніверсітэту даволі крытычна ставіцца да анансаваных новаўвядзенняў.

Найбольш спрэчным пытаннем міграцыйнай стратэгіі з'яўляецца магчымае рашэнне аб часовым спыненні прадстаўлення прытулку. Гэта мусіць стаць адказам на сітуацыю на польска-беларускай мяжы, куды з 2021 году спрабуюць нелегальна перайсьці мяжу нелегальныя мігранты з краін Афрыкі і Блізкага Ўсходу, якіх туды перапраўляе рэжым Лукашэнкі. Аднак прашэнні аб прытулку ў Польшчы падаюць пераважна грамадзяне Украіны, Беларусі і Расіі, — вынікае з дадзеных польскага Упраўлення па справах іншаземцаў.

— На самай справе мы не ведаем, як гэта будзе выглядаць на практыцы. Я думаю, што ўлада стае на тонкі лёд. Мне цяжка ўявіць, як нешта падобнае можа быць рэалізавана без парушэння міжнароднага і еўрапейскага права, якое абараняе правы чалавека і правы асоб, якія шукаюць прытулку. Ці адбудзецца гэта? Я так падазраю, у пэўнай ступені. Польшча не першая краіна, якая пайшла на такі крок. Фінляндыя ўжо прыняла падобныя законы, якія, сумнеўныя з пункту гледжання захавання правоў чалавека. Я ўжо не кажу пра тое, што палітычная атмасфера ў Еўропе спрыяе такой практыцы.

Паціквалісія ў даследчыцы міграцыі, ці адпавядае гэтае рашэнне еўрапейскаму заканадаўству?

— Заканадаўства ЕС або Жэнеўская канвенцыя не прадугледжваюць прыпынення магчымасці прасіць прытулку. Сапраўды, у такім выпадку польскі ўрад будзе дзейнічаць не паводле нормаў, прадбачаных згаданым заканадаўствам. Мы маем прыклад Фінляндыі, якая яшчэ не рэалізавала свой закон на практыцы, але прыняла яго. Пакуль Фінляндыя не сутыкнулася з судовымі санкцыямі. З іншага боку, мы маем прыклад Вугоршчыны. Суд ЕС прызнаў незаконнымі абмежаванні на магчымасць хадайніцтва аб прадстаўленні прытулку. За гэта Вугоршчына плаціць высокія штрафы. Д'ябал як заўжды хаваецца ў дробязях. Пытанне ў тым, як і наколькі крэатыўна ўрад Польшчы будзем лавіраваць паміж міжнароднымі заканадаўчымі актамі. На мой погляд, рэалізуючы такое палажэнне, немагчыма не парушыць духу і літару міжнароднага і еўрапейскага заканадаўства ў галіне правоў чалавека.

Разам з тым Дамініка Пшчулкоўска–Масьцікая адзначае, што міграцыйная стратэгія польскага ўраду змяшчае пазітыўныя навацыі, на якія варта звярнуць увагу.

— Калі казаць пра арганізацыю, то раней быў хаос і кадравая няўзгодненасць, таму што раптам за некалькі гадоў колькасць людзей, якія атрымалі візы, вырасла ў 20 разоў. Пры гэтым павелічэння штата ў консульствах не адбылося. У нас няма эфектыўнай сістэмы, якая аб’ядноўвала бы консульствы з ваяводскімі ўпраўленнямі па справах іншаземцаў ды іншымі органамі ўлады. Змена гэтага, стварэнне адпаведнага  каардынацыйнага органа, стане пазітыўным зрухам.

Я думаю, што ўрад таксама створыць спіс універсітэтаў, якія будуць мець права і магчымасць уплываць на легалізацыю сваіх замежных студэнтаў. Гэта можа дапамагчы заяўнікам. Яны будуць ведаць, хто сапраўды выкладае і займаецца асветай, і куды варта звяртацца, а хто з’яўляецца падстаўной кампаніяй, якая выдае сябе за ВНУ. Гэта чарговы пазітыўны элемент.

Думаю, будуць патрабаванні адносна ўзроўню валодання мовай навучання: польскай ці англійскай. Такія рашэнні ўжо ўкаранёны ў многіх краінах, напрыклад, у Вялікабрытаніі. Думаю, што гэта таксама прывядзе да пэўнай упарадкаванасці сістэмы. Дзякуючы гэтаму тыя, хто сапраўды хоча вучыцца ў Польшчы, змогуць прыехаць дзеля атрымання адукацыі, а тыя, хто хочуць такім чынам атрымаць дазвол на працу, ці дазвол на ўезд у ЕС, сутыкнуцца з цяжкасцямі на гэтым шляху.

Больш за ўсё хвалюе пераходны перыяд. То бок ці, уводзячы ўсе гэтыя палажэнні і фармальныя перашкоды, мы не перастараемся і не створым дадатковыя цяжкасці для ўезду ў Польшчу для тых, хто сапраўды хоча тут вучыцца. Падсумоўваючы скажу, што спробы нармалізаваць і ўпарадкаваць міграцыйную палітыку з'яўляюцца пазітыўным зрухам.

Слухайце аўдыё!

эж